Першы дзень Тыдня роднай мовы

19.09.2022

19 верасня стартаваў Тыдзень беларускай мовы і літаратуры ў СШ№ 4 г. Навагрудка. Першы дзень прайшоў пад дэвізам:

 Кожны народ стварыў хоць бы адзін геніяльны твор,і твор гэты –мова

                                                                                      Алесь Разанаў

Безумоўна ,самабытнасць любога народа наўперш выяўляецца ў яго мове як аснове культуры.

Прайшоў інтэрактыўны хол “Размаўляй са мной па-беларуску”  для вучняў 1-11 класаў. Дзеці адчулі  багацце  адценняў слоў-перакладаў, паспрабавалі праявіць свае здольнасці ў ролі перакладчыкаў. Хочацца адзначыць, што роднае слова - гэта не толькі найважнейшы сродак нашага духоўнага развіцця, яно з’яўляецца самай прыкметнай адзнакай нацыянальнай прыналежнасці чалавека.

Праведзены марафон “Мова родная - мова модная”. Душу народа  захоўваюць песні, даказалі класікі беларускай спеўнай культуры Рыгор Шырма і Генадзь Цітовіч. Часам словы і музыка ў спалучэнні адкрываюць новыя і новыя таямнічыя сэнсы, становяцца адметнымі творамі, нават класічнымі. У гісторыі беларускай музыкі ёсць песні-цуды, якія з’яўляюцца прыкладам сугучнасці думак паэта і аўтара музыкі. Ёсць песні , калі варта толькі пачуць мелодыю, і тут жа міжволі прамаўляюцца словы.Вучні змаглі адпачыць, атрымаць масу станоўчых эмоцый, прадэманстраваць зацікаўленасць да розных відаў мастацтва.

Вучні 5-11 класаў стварылі  інтэрактыўнае воблака слоў “Маё любімае слова па-беларуску”. Усе жадаючыя выказалі шчырае, пяшчотнае, ласкавае прызнанне роднай мове. Мілагучнасць, плаўнасць, меладычнасць нашай мовы адзначылі  ўдзельнікі пры складанні воблака слоў. Не сакрэт, што правільна ўжытае слова – паказчык культуры маўлення. Вучні падарожнічалі ў краіну слова, беларускага, роднага, гаваркога.Адзначылі,што слова-скарбніца гісторыі народа.Дзеці змаглі акунуцца ў атмасферу самабытнасці і непаўторнасці роднага слова.